ПРЫСПЯВА́ЮЧЫЯ ЛЯСЫ́,

узроставая група, якая набліжаецца да стану спеласці лясоў. У П.л. прыпыняюцца працэсы натуральнага зрэджвання і дыферэнцыяцыі дрэў, памяншаецца самкнутасць полага, прырост дрэў у вышыню і таўшчыню, павялічваецца плоданашэнне, фарміруецца падлесак. Для паскарэння прыспявання лесу праводзяць прахадныя высечкі. На Беларусі дубовыя, кляновыя, ясянёвыя лясы лічаць прыспяваючымі ва ўзросце 81—100, хваёвыя і яловыя 61—80, бярозавыя 51—60, асінавыя і альховыя 31—40 гадоў.

У.​В.​Сарнацкі.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)